21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ва ўсім свеце існуе больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання гэтых моў міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы. Родная мова шмат не патрабуе. Калі назваў яе роднай, то гавары на ёй, на мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, песні, казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

Граніцкая базавая школа Маладзечанскага раёна далучылася да свята і правяла акцыю “Гучы, родная мова!” У пачатку мерапрыемства выхаванцы дзіцячага сада і вучні старэйшых класаў прачыталі вершы беларускіх пісьменнікаў. Затым вядучыя запрасілі ўсіх навучэнцаў прыняць удзел у разнастайных конкурсах: “Я люблю родную мову”, “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Мовы пяшчотнае сузор’е”, “Камплімент на роднай мове”. Дзеці з радасцю дакрануліся да крыніц роднай мовы, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, пераклалі словы з беларускай мовы на рускую і нават сказалі сваім сябрам камплімент на роднай мове.

  

 

На працягу дня класныя кіраўнікі правялі з вучнямі гутаркі, віктарыны, гульні, конкурсныя праграмы, прысвечаныя роднай мове. У час правядзення гэтых мерапрыемстваў вучні прадэманстравалі свае веды мовы, культуры і традыцый беларускага народа.

 

 

 

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы не пакінула абыякавымі ні вучняў, ні настаўнікаў. Яшчэ раз мы ўсе ўпэўніліся ў тым, якая наша мова прыгожая, чароўная, мілагучная і непаўторная!