Жыццё даражэй за юшку (Маладзечанскi раён)

Автор текста Олег Беганский «Маладзечанская газета»

  Аматары зімовай рыбалкі вярнуліся да любімага занятку практычна адразу, як толькі на вадаёмах утварыўся лёд. Аднак, спяшацца ў такой справе не варта…  

 Каб праверыць, ці ў бяспецы рыбаловы, на возера ля вёскі Краснае адправілася мабільная група ў складзе намесніка начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Івана Таўгеня, старшага інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю ГРАНС Марыны Ганчаровай і старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатолія Пяцюшыка. На вадаёме было даволі шматлюдна. Ля берага стаялі аўтамабілі, а самі рыбаловы разгрупаваліся па ўсёй плошчы возера. Прычым, лёд на ім не здаваўся вельмі трывалым. Ля берагоў, дзе прасочваюцца грунтавыя воды, колер ледзянога покрыва быў больш цёмны. У трысняговых зарасніках нават стаяла вада. За тры марозныя дні холад яшчэ не паспеў пакрыць возера надзейнай бранёй. А потым прыйшла адліга.

 Увага! Лёд блакітнага колеру лічыцца трывалым, а белага вытрымлівае цяжар у два разы меншы. На шэрым лёдзе знаходзіцца вельмі небяспечна.       

 Удзельнікі рэйдавай групы ўручылі рыбаловам тэматычныя памяткі і нагадалі правілы знаходжанне на лёдзе. Сярод асноўных рэкамендацый – нельга прабіваць лункі на блізкай адлегласці адна ад адной, забараняецца скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца на ім вялікімі групамі, кожнаму рыбалову трэба мець ратавальную камізэльку і вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з грузам на адным баку і пятлёй на другім.
 Там, дзе знаходзіліся рыбаловы, таўшчыня лёду была 7-8 сантыметраў. Людзі казалі, што туды, дзе ён тонкі, яны не ідуць. Акрамя таго, рыбаловы сочаць адзін за адным. Калі што -- гатовы выклікаць дапамогу. Ды і апрануты аматары зімовай рыбалкі былі адпаведна надвор'ю.

Сумная статыстыка. За 11 месяцаў гэтага года ахвярамі воднай стыхіі сталі трое жыхароў Маладзечаншчыны (два чалавека загінулі ў Вілейскім раёне і адзін -- у Валожынскім).

- У снежні надвор'е няўстойлівае, маразы змяняюцца адлігамі, - адзначыў Анатолій Пяцюшык. - У гэты перыяд выхад на лёд можа быць небяспечным. Асабліва ўважлівымі трэба быць у месцах з хуткай плынню, ля крыніц, зараснікаў воднай расліннасці, у вусцяў рэк і гэтак далей. А у перыяды фарміравання і раставання лёду выхад на вадаёмы ўвогуле забаронены!

 Іван Таўгень дадаў, што бяспечным лічыцца лёд таўшчынёй 7 сантыметраў і больш. Калі ледзяное покрыва не вытрымала нагрузкі і чалавек апынуўся ў вадзе, галоўнае ў такой сітуацыі, -- не панікаваць! Сведкам здарэння трэба адразу выклікаць ратавальнікаў і медыкаў. Пры гэтым, ці аказваць дапамогу самому, сведкі павінны вырашыць зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. Супрацоўнік МНС паведаміў, што прафілактычныя рэйды па папярэджанні няшчасных здарэнняў вадаёмах раёна будуць праводзяцца і надалей.

 Увага! Каб выбрацца з палонкі самастойна, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена. Неабходна адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.